САЮ́З САЮ́ЗАЎ,
аб’яднанне прафесійна-палітычных саюзаў у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Зарадзіўся ў канцы 1904, у ходзе «банкетнай кампаніі» (120 банкетаў пад паліт. лозунгамі ў 34 гарадах), аформіўся ў 1905—06. Уключаў 20 усерас. саюзаў (інжынераў, і тэхнікаў, акадэмічны, адвакатаў, земцаў-канстытуцыяналістаў, раўнапраўя жанчын, сялянскі і інш.) і каля 40 мясц. аддзяленняў; усяго каля 135 тыс. членаў (без Усерас. сял. саюза) — у асноўным інтэлігенцыя і служачыя. Гал. патрабаванне — скліканне Устаноўчага сходу і ўвядзенне паліт. свабод. Дзейнічаў у кантакце з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў (у снеж. 1905 дэлегаваў у яго склад сваіх членаў), удзельнічаў у кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачцы 1905, паліт. забастоўках у ліст. і снеж. 1905 у Пецярбургу, Маскве, аказваў фін. падтрымку рэв. партыям і арг-цыям, даваў сродкі на ўзбраенне баявых дружын, дапамагаў б. палітзняволеным. Распаўся ў 1906 у сувязі з забаронай паліт. дзейнасці прафсаюзаў і іх аб’яднанняў.
т. 14, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)